НЕСЦЕРКА
НЕСЦЕРКА
Виталь Вольский
Камедыя на 3-ы дзеі
Прэм'ера – 18 мая 1941 года
Аднаўленне – 8 кастрычніка 2006 года
Няшмат тэатраў маюць у сваім рэпертуары такі даўгавечны спектакль, як "Несцерка" у коласаўцаў. Адно за адным мяняюцца акцёрскія і глядацкія пакаленні, а дасціпны, вясёлы народны герой, як і дзесяцігоддзі назад дорыць людзям радасць, натхненне, аптымізм. У Віцебску, насупраць тэатра, ёсць вуліца, якая носіць імя Аляксандра Ільінскага, першага выканаўцы ролі Несцеркі.
Сюжэт камедыі "Несцерка" – вельмі просты і цікавы для гледачоў самых розных густаў і ўзросту. Закаханыя Наста (Алена Сладкевіч) і Юрась (Аляксандр Базук) мараць быць разам. Але маці Насты Мальвіна (Раіса Грыбовіч) не згаджаецца аддаць дачку за простага мужыка, бо сама шчасця не мела, пражыўшы жыццё з ганчаром Мацеем (Віктар Дашкевіч). У яе на прыкмеце – вучоны шкаляр Самахвальскі (Максім Фралоў). Толькі народны герой Несцерка (Пятро Ламан) можа дапамагчы закаханым злучыцца назаўсёды. Тут якраз дарэчы яго знаходлівасць і розум, бо нават пан Бараноўскі (Аляксандр Фралоў) даверыў яму спрачацца з вучоным шкаляром.
У спектаклі – прыгожы абрад беларускага вяселля, "шамякін" суд з непаўторным суддзёй у выкананні Валянціна Салаўёва. Пастаноўшчыкі прапануюць вярнуцца да сваіх каранёў, адчуць сябе сапраўднымі беларусамі: "Не жабракі, вякі стаяць за намі, дык будзем жа самім сабе панамі!" (Рыгор Барадулін)